Творчасць Ніла Сымонавіча Гілевіча
Раман у вершах — адзін з жанраў паэтычнага эпасу; раман напісаны ў вершаванай форме. Як і ў звычайным празаічным рамане, у вершаваным рамане шырока ахопліваюцца істотныя жыццёвыя падзеі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказваюцца характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці і ўзаемасувязі, ствараюцца бытавыя малюнкі. Разам з тым вершаваная мова, якая дапамагае непасрэднаму… Читать ещё >
Творчасць Ніла Сымонавіча Гілевіча (реферат, курсовая, диплом, контрольная)
ЗМЕСТ Уводзіны
1. Раман у вершах як жанр
2. Кампазіцыйная структура твора
3. Тэматыка і праблематыка рамана Нiла Гiлевiча «Родныя дзецi»
4. Характарыстыка вобразаў рамана «Родныя дзецi»
4.1 Вобраз галоўнага героя ў творы
4.2 Другарадныя вобразы і іх роля ў творы
4.3 Вобраз аўтара ў рамане
5. Гумар у рамане Нiла Гiлевiча «Родныя дзецi»
Заключэнне Спіс выкарыстанай літаратуры
Уводзіны Творчасць Ніла Сымонавіча Гілевіча (нарадзіўся 30.09.1931 г. ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці) добра вядомая шырокай грамадскасці рэспублікі і далёка за межамі краіны. Яна не патрабуе нейкай асаблівай рэкламы, каштоўнасць мастацкага слова паэта відавочная. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам: лірык і публіцыст, сатырык і драматург, палымяны прамоўца, трыбун, грамадскі дзеяч, асветнік, вучоны, фалькларыст, перакладчык.
Цяжка ўявіць сучасную беларускую літаратуру без постаці Ніла Гілевіча. Ён бліскучы майстра пяра. Яму падуладны самыя розныя жанры, стылі, сродкі, прыёмы, формы. Каля чатырох дзясяткаў зборнікаў паэзіі, 16 кніжак паэтычных пераасэнсаванняў і паэтычных перакладаў, 13 кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы, 7 кніг эсэістыкі і публіцыстыкі… Зайздросны і радасны літаратурны лёс! Але, каб ён здзейсніўся, было мала таленту і адукацыі. Спатрэбілася яшчэ сялянская цягавітасць, звычка да штодзённай працы, урэшце, рэнесансная шматграннасць інтэлекту, адданасць сваёй Бацькаўшчыне [1, с. 415] - сцярджае У. Гніламёдаў.
Больш за ўсё даражыць Ніл Гілевіч ісцінай, якая знаходзіцца не па-за ім, а ўнутры яго самога — вынашанай, выпакутаванай сэрцам, талентам, усім яго жыццём, падключанай да сілавога поля духоўнага вопыту Зямлі-маці. Таму наіўнымі будуць спадзяванні некаторых, што ён уступіць хоць крупінку гэтай ісціны. А калі былі памылкі, то гэта ж натуральна і непазбежна для жыцця. «Ён — Асоба, Мастак, Грамадзянін — самы строгі суддзя і пракурор» [2, с. 66]. Нам толькі застаецца пагадзіцца з гэтым слушным меркаваннем даследчыка Л. Ламекі.
Пісьменнік выступаў пад псеўданімамі Адась Абабак, Антось Кудзеля, Банадысь Папруга, Дзед Архіп, Мікола Сведка. Вывучэннем творчасці Ніла Гілевіча займаліся многія аўтары. У іх ліку У. Гніламёдаў, А. Бельскі, Л. Ламека, Т. Нуждзіна, В. Шынкарэнка, І. Штэйнер, У. Конан, Г. Ішчанка і іншыя.
Узгаданая вышэй Л. Ламека называе Ніла Гілевіча «сапраўдным сынам Зямлі-маці, Айчыны, Бацькаўшчыны» [3, с. 187]. Філосаф У. Конан тлумачыць феномен творчага поспеху Ніла Гілевіча тым, што «ён не толькі паэт, але шмат сіл аддаў іншым жанрам, прозе ў жыцці і творчасці» [4, с. 86].
У. Конан сцвярджае, што «стыль Hіла Гілевіча, яго почырк немагчыма зблытаць з іншымі. Вельмі ўжо ярка выяўляюцца ў ім асаблівасці светабачання, светаўспрымання мастака, яго характар, паводзіны, рытмы душы. Непаўторнае аблічча яго болю, усмешкі, слязы». [4, с. 4].
Пачатак, аснова, сутнасць творчасці народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча — боль. Глыбокі, усепаглынаючы боль за Бацькаўшчыну, родную зямлю, мілую сэрцу Беларусь на пакутным крыжы лёсу.
У 1972 годзе ў Ніла Гілевіча ўзнікла задума стварэння першага ў гісторыі беларускай літаратуры рамана ў вершах.
«Святая і балючая памяць роднай зямлі - раман у вершах Ніла Гілевіча „Родныя дзеці“, твор пісьменніка, які ўвабраў у сябе тое, чым жыў мастак усё сваё жыццё: яго думкі, пачуцці, перакананні. Усё тое, што ён любіў або ненавідзеў, шанаваў ці аспрэчваў, чым захапляўся, а што ўспрымаў як ганьбу і здзек, да чаго імкнуўся» — слушна зазначае Любоў Ламека. [2, с. 69]
Над сваімі «Роднымі дзецьмі» аўтар рупліва працуе на працягу 12 гадоў. У гэты перыяд беларуская мова і культура некалі вялікага славянскага народа апынуліся на краі гібелі - на апошняй мяжы знікнення.
У. Конан сцвярджае, што «раман-паэма «Родныя дзеці» мог быць напісаны толькі ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, гараджанаў першага пакалення, якія «галавою» і функцыянальна жылі ў вялікім горадзе, а сэрцам і душою — у «родным куце» сваіх бацькоў, братоў, дзядоў. Твор рыхтаваўся спакваля, яго вобразы, матывы і фрагменты ёсць у папярэдніх кніжках Ніла Гілевіча (вершы «Вясна», «Маці», паэмы «Сто вузлоў памяці», «А дзе ж тая крынічанька?»). [4, с. 12] Канчаткова раман быў дапісаны ў 1985 годзе.
Дзякуючы сваёй жанравай прыродзе, раман даў пісьменніку мажлівасць больш глыбока і змястоўна, на якасна іншым узроўні выявіць філасофію гісторыі, часу. Можа таму, што ўсё ў рамане — няздзейсненае каханне двух прыгожых таленавітых людзей, жыццё простых вясковых працаўнікоў - адчуты душою паэта і прапушчаны праз яго сэрца — ён знаходзіць такі глыбокі, жывы водгук у табе, праецыруецца на твой уласны лёс.
…І ўспамінаюцца, да драбніцаў, да болю ў сэрцы, маленькая дзяўчынка — я ў сонечным разліве лотаці, і вёсачка, і людзі, і родныя клады, і тужліва-светлая песня над жытнёвым полем — мая Беларусь.
І маленькі акраец хлеба ў бабуліным саматканым фартушку. Яшчэ цёплы і духмяны — сімвал жыцця і выратавання.
І высокая, да самага неба, дарога праз жыта — сімвал вечнасці. Мая дарога…
Якая зайздросная памяць у гэтай кнігі - кнігі Лёсу! Яна здольна ажывіць чалавечую душу, настроіць на высокі чысты лад, прасвятліць яе. Якая яна, гэтая памяць, глыбінна-духоўная, мужная і добрая. Выратавальная!..
А як хораша, адкрыта, шчыра смяешся ты, калі ўладарыць над табой іскрамётнае, дасціпна-гарэзлівае трапнае слова! [2, с. 71]
Ніл Гiлевiч падкрэслiвае, што толькi еднасць з роднай зямлёй, бацькоўскiм домам выхоўвае ў асобе чалавека, натхняе на подзвiг, на творчасць. Пісьменнік у сваiм рамане прымушае задумацца аб назначэннi на зямлi кожнага з нас. У мове гэтага рамана няма нi русiзмаў, нi дыялектызмаў. З кожнага радка струменiць водар родных слоў.
Эпічнасць рамана — ва ўзроўні думкі пра беларускі народ, разумення яго гісторыі, духоўных і працоўных традыцый, характару, укладу жыцця. Як Якуб Колас у «Новай зямлі», Максім Гарэцкі ў «Камароўскай хроніцы», Іван Мележ у «Палескай хроніцы» Ніл Гілевіч імкнецца выявіць сутнасць беларускай душы, самы дух беларускасці, лад і стыль беларускага жыцця, паказвае побыт беларусаў, паэтызуе беларускую прыроду, раскрывае высокі і трагічны сэнс сапраўднага кахання [2, с. 69].
Сэнс назвы твора заключаецца ў дыялектычным асэнсаваннi жыцця:
Мы — дзецi тройчы ў вечным крузе.
Мы — дзецi роднае сям’i
I дзецi мацi Беларусi,
I дзецi матухны-зямлi [6, с. 447].
Т. Я. Алейчык сцвярджае, што «прачытаўшы гэты раман, міжволі ўзнікае патрэба падзяліцца сваімі ўражаннямі аб ім з роднымі і блізкімі людзьмі». І з гэтым нельга не пагадзіцца [7, с. 198].
Мэта курсавой работы — прааналізаваць раман у вершах «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча.
Мэтай прадвызначана вырашэнне наступных задач:
· па-новаму перачытаць раман, прааналізаваць крытычную і метадычную літаратуру па тэме даследавання;
· прааналізаваць месца і ролю рамана ў вершах ў беларускай літаратуры;
· раскрыць праблемны дыяпазон рамана ў вершах «Родныя дзеці»;
· ахарактарызаваць сюжэтна-кампазіцыйную структуру твора;
· зрабіць характарыстыку вобразаў рамана.
Аб’ект даследавання — раман у вершах «Родныя дзеці».
Прадмет даследавання — аналіз рамана ў вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці».
1. Раман у вершах як жанр Своеасаблівай разнавіднасцю рамана з’яўляецца раман у вершах. Гэтае жанравае ўтварэнне звязана з вытокамі еўрапейскага рамана. Творы сярэдневякоўя, якія называліся раманамі, уяўлялі сабой вершаваныя пабудовы змешанага тыпу. Пасля еўрапейскі раман стаў традыцыйна празаічным, а адхіленне ад традыцыі стала ўспрымацца як наватарства.
Раман у вершах — адзін з жанраў паэтычнага эпасу; раман напісаны ў вершаванай форме. Як і ў звычайным празаічным рамане, у вершаваным рамане шырока ахопліваюцца істотныя жыццёвыя падзеі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказваюцца характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці і ўзаемасувязі, ствараюцца бытавыя малюнкі. Разам з тым вершаваная мова, якая дапамагае непасрэднаму выяўленню лірычнага перажывання, абумоўлівае наяўнасць у вершаваным рамане лірычных і ліра-эпічных сродкаў мастацкага выяўлення. Так, ён вызначаецца наяўнасцю шматлікіх лірычных адступленняў, павышанай эмацыянальнасцю, прысутнасцю вобраза не апавядальніка, а лірычнага героя і г. д., што і надае гэтаму жанру асаблівую складанасць.
«Змацоўвае раман у вершах, сплятае ў адзінае цэлае яго сюжэт фігура галоўнага героя — Дон Жуана і Яўгена Анегіна ў аднайменных творах Дж. Байрана і А. Пушкіна, С. Вячоркі ў „Родных дзецях“ Ніла Гілевіча» [8, с. 285] - слушна зазначае В. Рагойша.
Раман у вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці» наватарскі ў беларускай літаратуры. Стройнасць канцэпцыі свету і чалавека ў рамане нібы спрачаецца з разнароднасцю выкарыстанага матэрыялу, стракатасцю стылістыкі, адкрытым выяўленнем аўтарскага «я» ў творы. Безумоўна, форма твора пакінула істотны адбітак на яго змест. Мова верша і ў эпічным творы застаецца лаканічнай, вобразнай, эмацыянальна афарбаванай, інфармацыйна насычанай. Вершы ў большай ступені, чым проза, дазваляюць ухіляцца ад усяго звыклага і агульнапрынятага. У свеце вершаў паэт адчувае сябе вальней, чым у прозе: у сваім аповедзе ён можа апускаць некаторыя абавязковыя для празаічнага твора сувязі і матывіроўкі, змешваць часавую і апавядальную прасторы, адыходзіць ад сюжэта і зноў вяртацца да яго.
2. Кампазіцыйная структура твора Кампазіцыя твора даволі арыгінальная. У ім чатырнаццаць раздзелаў, аб’яднаных у пары. Пасля першых шасці пар прыводзяцца шэсць аўтарскіх адступленняў: паэтычнае, іранічнае, гістарычнае, у гонар маці, кулінарнае і педагагічнае.
Пачынаецца твор запеўкай, заканчваецца — дапеўкай, у якіх аўтар звяртаецца да чытача, абгрунтоўвае выбар тэмы. Кожнае лірычнае адступленне з’яўляецца своеасаблівым пралогам да наступнай часткі. Хоць твор у цэлым эпічна-апавядальнага складу, у ім вельмі моцны лірычны струмень. Лірычныя адступленні цэментуюць сюжэт, увогуле гарманізуюць твор, прыдаюць яму непаўторнае гучанне i каларыт. Першае, патэтычнае, і трэцяе, гістарычнае, даюць пачуць, што аўтар любіць сваю зямлю. У лірычных адступленнях сканцэнтравана праблемнасць рамана, інтэлектуальна-філасофская змястоўнасць яго.
У першым патэтычным адступленні Ніл Гілевіч з усхваляванасцю гаворыць пра родны край і любоў да роднага краю:
Не знаю слоў, каб растлумачыць, Разгадку тайны праявіць, ;
Чаму штодня мне трэба бачыць Твой непаўторны краявід.
Чаму без роднага паветра Я доўга дыхаць не магу.
Чаму мне суджана павечна У неаплатным быць даўгу…[6, с. 306]
Паэт апісвае адметнасць беларускіх краявідаў, спрабуе глядзець на іх адстаронена і ўсё ж не можа схаваць бясконцага захаплення імі. Радуюць вока падарожніка раўніны, лясы ды пералескі, пагоркі ды лагчыны, касагоры, равы, лугавіны, паплавы, азёры, рэкі.
У адступленні іранічным гучыць знаёмая па ранейшых творах Ніла Гілевіча тэма паэта і паэзіі. Аўтар дакладна вызначае сваю паэтычную лінію:
Хай буду збэшчаны і скляты, А свой радок, якім не лгу, Не рагазлівы і дзяркаты Не прамяняю: не магу! [6, с. 326]
Не можа паэт пісаць так, як падабаецца крытыкам, не імкнецца ён гнацца за вершаванай модай. Самае галоўнае для паэта — «дзівосны скарб — душу людскую» [6, с. 327] ведаць як найбольш і пісаць пра яе шчыра і з любоўю.
Закранае ў рамане пісьменнік і праблему адносін мастакоў і навукоўцаў да свайго прызвання. Праз дыялогі герояў аўтар дае адчуць, што яго хвалююць такія пытанні, як павелічэнне разводаў, нетрываласць сучасных сем’яў. Адным словам, пісьменніка, сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваей радзімы, турбуюць усе надзённыя праблемы сацыяльнага і духоўнага жыцця. Ён перажывае іх, як свае асабістыя.
Філасофскай праблематыкай насычаны гістарычны раздзел рамана. Творца перакананы: толькі той, хто памятае мінулае, мае права на будучыню.
Шануй душу сваю, народзе,
І ўласнай памяці не траць, Каб у нязведнанай дарозе Ахвярай хуткасці не стаць…[6, с. 343]
Цеплынёй і пяшчотай да маці напоўнены кожны радок у чацвёртым адступленні - у гонар маці. Ніл Сымонавіч разумее цяжкую жаночую працу, якая заключаецца ў выхаванні дзяцей:
І колькі ты жывеш на свеце ;
Спакон вякоў, здавён-даўна ;
Ты сэрцам там, дзе плачуць дзеці,
Бо дзеці слёз не льюць здарма [6, с. 374].
Лірычны герой мастака разумее, чаму сэрца маці не знаходзіць спакою і тады, калі дзеці вырастаюць. У роздумах пра маці пульсуе ўсведамленне свайго сыноўняга абавязку перад самым дарагім чалавекам, нейкай унутранай віны і адначасова пакаяння.
Праз лірычныя адступленні раскрываецца вобраз аўтара, яго адносіны да Бацькаўшчыны, да народнай спадчыны, да мастацтва і літаратуры, да нормаў маралі і паводзін сучаснага грамадства і г. д. Пазіцыя пісьменніка па-грамадзянску прынцыповая. Разам з тым ён зыходзіць з нормаў народнай маралі і этыкі.
«Сюжэт рамана „цэментуе“ апісанне лёсу адной сям'і, родных дзяцей адной маці, 70-гадовы юбілей якой і стаў нагодай, каб сабраць іх усіх за бяседным сямейным сталом. У кожнага — свая дарога, свой лёс, сваё шчасце» [4, с. 84] - сцвярджае У. Конан.
Экспазіцыяй твора з’яўляецца першы раздзел «Прычына», дзе мы ўпершыню знаёмімся з галоўным героем, калі той раздумвае над лістом з дому, запрашэннем на сямідзесяцігадовы юбілей маці.
Асноўная сюжэтная лінія «Родных дзяцей» якраз і звязана з лёсам Сцяпана Якубавіча Вячоркі — чалавека шматграннага, душэўна шчодрага, выпрабаванага часам, памяццю, сумленнем, хаця і не пазбаўленага пэўных недахопаў.
Жыццё не песціла Сцяпана. Тады, калі таленавіты вясковы хлопец стаў студэнтам кансерваторыі, на яго шляху паўстаў зайздрослівы, амбіцыйны, помслівы Юзік Бэнсь. Вячорку нават давялося на нейкі час развітацца з вучобай, з любімай справай, бо Бэнсю было мала, што скампраментаваў таварыша ў вачах каханай дзяўчыны, новую ананімку ён даслаў у камітэт камсамола. Юзік (ён стаў тэарэтыкам мастацтва) і падобныя да яго не даюць Сцяпану Вячорку свабодна дыхаць і ў творчасці. Ён творыць для народа, перакананы, што мастацтва павінна мець адзнаку сваёй зямлі, г. зн. быць нацыянальна адметным. Бэнсь, нібыта дбаючы пра агульначалавечае, папракае Вячорку ў адставанні ад прагрэсу, несучаснасці.
Падзейны сюжэт рамана нескладаны. Аднак гісторыя пра ўшанаванне маці-юбіляркі абрастае многімі пабочнымі лініямі - гісторыямі яе дзяцей, успамінамі пра першыя пасляваенныя гады і дзесяцігоддзі. Значнае месца ў творы належыць разважанням герояў пра месца чалавека на зямлі і сэнс яго існавання, пра тыя змены, што адбыліся і адбываюцца ў жыцці чалавека і ў навакольным асяроддзі.
Т. К. Грамадчанка зазначае, што «лакальны „сямейны“ сюжэт набывае ў рамане шырокае грамадскае гучанне. У параўнаўча невялікім па памеры творы пісьменнік змог сказаць пра многія сучасныя маральна-этычныя, сацыяльныя, экалагічныя праблемы, стварыць галерэю непадобных чалавечых характараў» [9, с. 501]. На наш погляд, галоўную ідэю рамана выказвае Сцяпан Вячорка, калі віншуе маці з юбілеем:
Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы — дзеці роднае сям'і,
І - дзеці Маці-Беларусі,
І - дзеці Матухны-Зямлі.
Трайны ён круг, ды недзялімы…[6 с. 379]
У гэтых радках сфармулявана асноўная думка, якая рухае сюжэт. Сэнс назвы заключаецца у дыялектычным асэнсаванні жыцця.
І далей праз вобраз Сцяпана аўтар выходзіць на другі і трэці кругі праблем, што выяўляюць ідэю твора. Герой шмат думае, разважае над экалагічнымі праблемамі, над адносінамі сучаснага чалавека да роднай зямлі, да народных традыцый, культурнай спадчыны. Яму баліць душа за неразумнае асушэнне, безгаспадарлівасць, за страту гістарычнай памяці, нігілізм у адносінах да матчынай мовы, песні. У сваёй трывозе за лёс роднай зямлі Сцяпан не адзінокі. Гавораць пра гэта, таксама хварэючы душой, Тамаш і Антось, дзядзька Лёкса.
Вячорка перакананы, што агульначалавечыя каштоўнасці складаюцца з тых духоўных, культурных, маральна-этычных скарбаў, якія мае кожны асобны народ. А захаванне чысціні і непарушнасці прыроднага асяроддзя, беражлівыя адносіны да ўсяго — жывога і нежывога, — што акружае чалавека, гэта клопат пра наш агульны дом, планету ў цэлым.
Найшырэй у творы паказаны «першы круг» — дружная, працавітая, таленавітая сям’я Вячоркаў. Калі Сцяпан прыехаў у сваю вёску, у першую чаргу ён пайшоў на могілкі. Справа ў тым, што бездухоўнасць нашага народа шмат у чым абумоўлена тым, што людзі адракліся ад народных традыцый. Між тым: «Так, так, няможна! Род звядзецца, калі магіл не шанаваць…» [6, с. 353]
У вёсцы Сцяпан сустракае свае былое каханне — Альжбету Францаўну Кудзёлку. Раздзелы «Белы май», «Ганьба», «Разлад», «На ўзвеях часу» з’яўляюцца ўспамінамі Сцяпана аб студэнцкіх гадах, каханні да Альжбеты, майскіх шчаслівых вечарах. І гэта сустрэча прымушае ажывіць былое. Праз успаміны свайго героя паэт не толькі дасягае псіхалагізму, даследуе вытокі і матывы ўчынкаў герояў, але і дае многія ўрокі чытачу. Паэт папярэджвае маладых, што вялікае і моцнае каханне адначасова і вельмі кволае, далікатнае пачуццё, што яго вельмі лёгка страціць, а за страту гэту давядзецца плаціць усё жыццё. Твор адметны тым, што ў ім павучальныя і выхаваўчыя ідэі раскрываюцца аўтарам далікатна, праз розныя жыццёвыя калізіі.
Пагашусь з сцвярджэннем У. Конана, што «гісторыя кахання Сцяпана і Альжбеты — самастойная сюжэтная лінія ў рамане. Ніл Гілевіч псіхалагічна пераканаўча і глыбока раскрывае пачуцці герояў на розных этапах іх жыцця: рамантычна-узнёслы, адкрыты, паэтычны свет юнацтва, разважліва-насцярожаныя, прыпраўленыя скрухай і горыччу адчуванні сталых людзей» [4, с. 87]. Вельмі няпроста ідуць насустрач адзін другому саракагадовыя Сцяпан і Альжбета, хоць каханне іх не памерла. Аб чым будзе гаворка на наступны дзень у школьным музеі, ці зробяць яны апошні, рашаючы крок, каб пайсці па жыцці побач, застаецца невядомым. Тут пісьменнік таксама ідзе ад праўды жыцця, ад складанасці чалавечых узаемаадносін.
Было б недакладным вызначыць у сюжэце рамана лінію кахання як галоўную. Лёс галоўнага героя паўстае ў шматстайнасці духоўнага i маральнага зместу, шырыні дачыненняў з роднымі людзьмі, землякамі, прыродаю, традыцыямі бацькоўскай зямлі.
Ніл Гілевіч падкрэслівае, што толькі еднасць з роднай зямлёй, бацькоўскім домам выхоўвае ў асобе чалавека, натхняе яго на подзвіг, на творчасць. Закладзена ў паэме і народная, вякамі выпрацаваная народная мудрасць. Гэтая народная мудрасць перадаецца ад бацькоў да дзяцей. У прыватнасці, перад ад’ездам дачкі Лёдзі на будоўлю ў Мінск, маці павучае яе:
Хаця ж не слухай кавалераў,
Культурных гэных, гаваркіх.
Няхай іх выкаціць халера ;
Тых ашуканцаў гарадскіх!.. [6, с. 296]
Мудрасць беларускага народа закладзена і ў тым, каб самага пачэснага госця пасадзіць на покуць. На вяселлі маладыя заўсёды сядзяць на покуці. А ў рамане на покуць садзяць маці:
Тады і ўсе: — На покуць — маці!
— Пашану ёй найперш аддаць!
— А то сталы ва ўсю дымяцца, А юбіляркі - не відаць!.. [6, с. 376]
Ніл Гілевіч без высокіх і гучных слоў гаворыць у рамане пра мацярынскі подзвіг Сохвіі Пятроўны. Пасляваенная ўдава паставіла на ногі сямёра дзяцей, навучыла іх дабрыні, спагадлівасці, павазе да чалавека і мазольнай сялянскай працы. Выключэннем з’яўляецца Мікіта, сын гаспадыні ад першага мужа. Штосьці нядобрае перадалося яму, пэўна, па генетычнай спадчыне ад бацькі. Таго не расчулілі слёзы дзіцяці. Навек пакідаючы сям’ю, ён нават на развітанне не прыгарнуў хлопчыка. У творы ёсць тлумачэнне, чаму ў дружнай сям'і, у клапатлівай маці сын вырас «непамяркоўным, грубым, злым, амбіцый меў ажно зашмат». [6, с. 302] Неакрэплая дзіцячая душа аказалася зламанай чэрствасцю і здрадай дарослага чалавека.
Паводле пераканання Ніла Гілевіча, сэнс жыцця жанчыны — у дзецях, яны яе шчасце ці гора, яе спраўджаныя ці няспраўджаныя надзеі, мары, спадзяванні. Сохвія Пятроўна жыве дзецьмі і дзеля дзяцей. Калі застолле жадае ёй на доўгія гады здароўя, яна, выцершы хусцінкай завільгатнелыя вочы, пераводзіць пажаданне ў сваё, мацярынскае рэчышча: Дай Божа вам здароўя, дзеці,/ Пры вас я буду здарава… [6, с. 378] Аўтар прасочвае лёс дзяцей Сохвіі Пятроўны Сцяпана, Тамаша, Мікіты, Антося, Лёдзі, а таксама Крысціны і Лёні, якім выпаў кароткі жыццёвы шлях.
Жаданнем пісьменніка падзяліцца з чытачом сваім бачаннем праблем сучаснага яму жыцця абумоўлена стылявая адметнасць рамана «Родныя дзеці». Сюжэт рамана не завершаны. Развязкі падзей няма, і сам Н. Гілевіч, як і А. С. Пушкін у рамане «Яўгеній Анегін», акцэнтуе на гэтым увагу:
Усё, чытач. Я стаўлю кропку.
Ах, не завершаны сюжэт?
Ну, што ж рабіць! Далей — ні кроку.
Далей — табу і запавет [6, с. 453].
3. Тэматыка і праблематыка рамана Нiла Гiлевiча «Родныя дзецi»
Да традыцыйных у беларускай літаратуры тэмаў бацькоў і дзяцей, сустрэчы з роднымі ў матчыным доме далучылася цэнтральная ў гэтым творы тэма кахання як духоўнай сустрэчы мужчыны і жанчыны. Спрадвечная ў сусветным мастацтве трагедыя кахання ў Гілевічавым творы набыла новы, вельмі сучасны, экзістэнцыяльны сэнс. Абсалютнае па сваёй ідэальнай сутнасці каханне не можа рэалізавацца ў эмпірычнай рэальнасці, дэтэрмінаванай біялагічнымі і сацыяльнымі фактарамі.
Творча-рыцарская душа мужчыны шукае сваю ідэальную адпаведнасць у жаночай іпастасі, ствараючы міфалагемы вечнага вяртання да аднойчы страчанай шчаслівай сустрэчы. У духоўнай сустрэчы героя рамана кампазітара Сцяпана Вячоркі (ягоны прататып — літаратурнае «Я» пісьменніка) ёсць арыстакратычная вышыня. Яна заключаецца ў чысціні той любві, што ўзнімаецца ад збліжэння закаханых да любві паміж братам і сястрою, настаўнікам і вучаніцай, паэтам і яго ідэальнай чытачкай.
«З пачуццём грамадзянскай адказнасці паэт падыходзіць да абмеркавання найбольш важкіх праблем сучаснасці ў рамане „Родныя дзеці“. Гэтыя праблемы закранаюцца і ў паэзіі, але тут, у эпічным творы, асэнсоўваюцца шырэй» [1, с. 926] - зазначае У. Гніламёдаў.
«Родныя дзеці» — твор шматпраблемны: паэт вядзе засяроджаны роздум пра гісторыю, культуру i экалогію роднай зямлі. Дзякуючы сваёй жанравай прыродзе, раман даў магчымасць пісьменніку больш глыбока і змястоўна, на якасна іншым узроўні выявіць філасофію лёсу асобнага чалавека і народа, філасофію гісторыі, часу.
Адна з праблем, якую закранае ў сваім рамане Ніл Гілевіч, — чысціня роднай мовы. Мову зводнага брата Сцяпана Мікіты аўтар парадыруе. Разам з тым высмейвае і асуджае тых людзей, якія гавораць на мешанцы, абы толькі не гаварыць па-беларуску. Большая частка нашага насельніцтва размаўляе на руска-беларускай мове (трасянцы), і яркім прыкладам гэтага з’яўляецца Мікіта Зміцеравіч. З-за трасянкі ён і мянушку атрымаў, назваўшы ў звярынцы шымпанзе «абіззянам», а не «обезьяна». Дзіўна гучыць з яго вуснаў мова: руская, але апрацаваная на беларускі манер:
— Што ж, еслі просіць прадсядацель, Ці ізвіняюсь, тамада, Каб я сказаў што к гэтай даце, То я далжон адвеціць: да!
Дык вот у нашай юбіляркі
Есь многа качастваў такіх, Што быў бы грэх не выпіць чаркі,
Не ўшанаваць пачотам іх [6, с. 381].
На вобразе Мікіты пісьменнікам аргументавана прасочваюцца разбуральныя вынікі адарванасці чалавека ад народных каранёў. Герой змяніў выразна беларускае прозвішча Рэпа на больш мілагучнае і самавітае, як яму здаецца, Рэппо. Мова гэтага персанажа трапна характарызуе яго невысокія жыццёвыя памкненні, гэткі ж культурна-адукацыйны ўзровень. Яна ўяўляе сабой набор газетных штампаў і трафарэтаў, калек, змененых стыхіяй роднай гаворкі русізмаў, якія рэжуць слых і выклікаюць смех:
…— А трэцім качаствам гардзіцца
Найболей нада, што ўдава
Зрасціла нас, как гаварыцца,
I ў жызь пуцёўку нам дала.
У ту вужасную разруху,
Благадара і вапракі,
Ана не пала сілай духу:
Пускала нас — как пціц з рукі!.. [6, с. 382]
Ніл Гілевіч падкрэслівае, што толькі еднасць з роднай зямлёй, бацькоўскім домам выхоўвае ў асобе чалавека, натхняе яго на подзвіг, на творчасць.
У рамане «Родныя дзеці» Ніл Гілевіч звяртаецца таксама да праблемы традыцыйнага ладу жыцця роднай старонкі. Сцяпан Вячорка, галоўны герой рамана, знаходзіцца ў вёсцы купальскай ноччу. Ноч зусім не падобная на тую, якой яна запомнілася з гадоў маленства.
Нічога з колішняга свята Не засталося ўжо — няма [6, с. 408].
Па сутнасці, вёска перастала святкаваць Купалле. Аднак герой рамана не можа пагадзіцца, што «праблема знята./ Зняла гісторыя сама!» [2, с. 408]. Ён бачыць, як на месца занядбанага народнага свята, народнай традыцыі прыходзіць штосьці іншае, на жаль, далёкае ад духоўнасці і паэзіі:
Вось — не палілі вогнішч хлопцы, Вянкоў дзяўчаты не вілі -;
Дзень цэлы дзюбалі па стопцы
I, ачмурэўшы, спаць ляглі… [6, с. 408]
У рамане паэт прымушае задумацца аб прызначэнні на зямлі кожнага з нас. Задумваецца галоўны герой і аб тым, адкуль у чалавека такая цяга да некаторых рэчаў. Не дае спакою Сцяпану думка пра тое, чаму людзі ходзяць на могілкі:
Зноў гралі конікі штосілы, Ды ён не чуў - быў повен дум:
«Чаму мы ходзім на магілы?
Што нас вядзе пад сосен шум?
Ці жаль? Ці страх? Ці проста звычай?
Ці неўсвядомлены абрад?
Ці нейкай сілы таямнічай Жыве ў нас памяць цяжкіх страт?" [6, с. 355]
раман гiлевiч вобраз аўтар Хвалюе паэта і праблема адзінокай старасці, што ў рамане пераклікаецца з тэмай мінулай вайны. Сцяпан на могілках сустракае старэнькага Валента Дразда, якога вайна асіраціла, забрала ўсіх родных: двух сыноў, жонку, дачку з немаўлятам і зяця. Стары адзін дажывае свой гаротны век.
Прасілі ў дом перастарэлых.
А што ў тым доме мне рабіць ;
Сярод такіх, як сам, згрыбелых?
За што там вока зачапіць?
Я ж тут яшчэ пры дзеле нават:
Вяроўкі ўю, пляту кашы.
Які б ні быў для рук занятак ;
Усё ж палёгка для душы.
От за адно перажываю, Гнятуся думкаю адной:
Што калі дойдзе ўжо да краю ;
Дам людзям клопату сабой… [6, с. 354]
У адступленні іранічным гучыць знаёмая па ранейшых творах Ніла Гілевіча тэма паэта і паэзіі.
Сярод глабальных праблем, якія абмяркоўваюцца ў рамане, асабліва вылучаюцца праблемы адносін мастакоў і навукоўцаў да свайго прызвання, а таксама ўзаемаадносіны мастакоў і крытыкаў.
Ён у навуцы нуль банкруцька, Тыповы рыдар-вадалей, Ды хтосьці лічыць, што Шалудзька Пасунуў штось крыху далей.
І вось — слыве вучоным Несцер
І памагае з усіх сіл Сваім падлізнікам залезці
На навуковы небасхіл [6, с. 446].
Каб з тымі докамі зраўняцца
І заслужыць іх пахвалу ;
Хоць раз мне трэба пастарацца Надзець штаны праз галаву! [6, с. 325]
Бо ўжо той самы крытык мондры Не раз выносіў мне прысуд, Як эстэтычна-творчай контры,
І смачна клаў мой верш на зуб [6, с. 325].
Аўтар дакладна вызначае сваю паэтычную лінію:
Хай буду збэшчаны і скляты, А свой радок, якім не лгу, Не рагазлівы і дзяркаты Не прамяняю: не магу! [6, с. 326]
Не можа паэт пісаць так, як падабаецца крытыкам, не імкнецца ён гнацца за вершаванай модай. Самае галоўнае для паэта — «дзівосны скарб — душу людскую» [6, с. 327] ведаць як найбольш і пісаць пра яе шчыра і з любоўю.
Героі рамана бурна абмяркоўваюць праблемы сям'і і быту, бездухоўнасці ў грамадстве. Іх хвалюе рост разводаў, нетрываласць сучасных сем’яў, узаемаадносіны ў якіх вызначаюцца імкненнем да ўласнай выгады, нежаданнем паступіцца сваімі інтарэсамі.
Своеасаблівым экзаменам на стойкасць перакананняў стала для Сцяпана жаніцьба з Фенечкай. За маскай захопленай музыкай летуценніцы хавалася хцівая прыстасаванка, мэтай жыцця якой стала жаданне скіраваць творчасць мужа ў абсяг сваіх спажывецкіх інтарэсаў.
Яго прыгожанькая Феня, Якую ён лічыў, сляпак, Сваёй чароўнай, добрай феяй, ;
Да грошай выявіла смак [6, с. 336].
Трохпакаёвая кватэра Каля Садовага кальца ;
Жыла ў яе душы, як вера, Якой не здрадзіць да канца.
«Паеду, — Феня заявіла, ;
Пабуду ў мамы нейкі час…"
Праз дзень, аднак жа, прыкаціла З рашэннем цвёрдым, як указ.
«Дык вось табе, Сцяпан, умова:
Або — пярэбары ў Маскву, Або — развод. І тэрмінова.
Бо ўсё вісіць на валаску…" [6, с. 340]
Сярод многiх праблем у рамане аўтар узнiмае і экалагiчную праблему. У полі зроку паэта — зямля, якая заўсёды была для чалавека і карміцелькай, і духоўнай крыніцай. 3-за няўмелага гаспадарання яна пачынае ператварацца ў тарфяны пыл:
Сцяпан стаяў, працяты болем, Глядзеў, бяссільны, хоць заплач, Як грозны дух нясе над полем Сарваны з долаў плодны пласт.
Зямля ляціць у небе пылам, Ляціць, імчыцца ўдалячынь, Дзесь ападзе за небасхілам ;
І не вярнуць яе нічым!
За сотні год на гэтым месцы Не нарасце яна цяпер,
І ўжо ніхто тут не наесца ;
Ні чалавек, ні птах, ні звер! [6, с. 345]
Ды што малітва! Тут патрэбен Разумны, рупны гаспадар, Каб не ляцеў, не слаўся небам, Як дым, жыцця прыродны дар.
Калі так весці асушэнне ;
Пустыняй зробіцца разлог!.. [6, с. 346]
Аўтар паказвае абыякавасць людзей у адносінах да роднай зямлі, неабходнасці захавання яе, спрабуе акрэсліць кола віноўных за парушэнне спрадвечнага ходу быцця:
Вінаваты не той, што сам раўняе рэкі,
А — што загад дае другім [6, c. 346].
Асэнсоўваюцца ў творы і шматлікія амаральныя узаемадачыненні чалавека і грамадскага асяроддзя.
Чаму ж, таварыш Ненаежац, Так не па-людску ты жывеш?
Што семярым спажыць належыць ;
Адзін бярэш, грабеш, ірвеш? [6, с. 356]
Адным словам, пісьменніка, сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваей радзімы, турбуюць усе надзённыя праблемы сацыяльнага і духоўнага жыцця. Ён перажывае іх, як свае асабістыя.
4. Характарыстыка вобразаў у рамане «Родныя дзецi»
Раман у вершах «Родныя дзеці», багаты на герояў і падзеі, паказвае неразрыўнасць чалавечага існавання ў часе і прасторы, непераможнасць жыцця.
«Своеасаблівым рупарам аўтарскай пазіцыі і філасофіі ў творы з’яўляецца вобраз дзядзькі Лёксы» [10, с. 25] - лічыць А. Гарэлік. І сапраўды, гэты чалавек надзелены мудрасцю, развагай, дабрынёй і чыстым сумленнем, да ўсяго яшчэ і пачуццём гумару, што робіць яго слова асабліва важкім, аўтарытэтным у народзе, а вобраз гэты — эстэтычна прываблівым для чытача.
Пісьменніцкі ідэал чалавека выяўлены і ўвасоблены ў родных дзецях Сохвіі Пятроўны: і ў Сцяпане, і ў нястомным працаўніку, верным мужу і добрым бацьку сваім дзецям Тамашу, і ў іх сястры і швагру Вінцусю (узор сапраўднай сям'і.). Але найперш пісьменніцкі ідэал выяўлены ў вобразе маці і сфармуляваны ў тосце Сцяпана ў гонар маці:
Хвала таму, хто ў трудным часе Без мітусні і без ныцця Сваё праходзіць… Так, як мама… [6, с. 379]
Лірычны герой мастака разумее, чаму сэрца маці не знаходзіць спакою і тады, калі дзеці вырастаюць. У роздумах пра маці пульсуе ўсведамленне свайго сыноўняга абавязку перад самым дарагім чалавекам, нейкай унутранай віны і адначасова пакаяння.
Ніл Гілевіч без высокіх і гучных слоў гаворыць у рамане пра мацярынскі подзвіг Сохвіі Пятроўны. Пасляваенная ўдава паставіла на ногі сямёра дзяцей, навучыла іх дабрыні, спагадлівасці, павазе да чалавека і мазольнай сялянскай працы. Выключэннем з’яўляецца Мікіта, сын гаспадыні ад першага мужа. Штосьці нядобрае перадалося яму, пэўна, па генетычнай спадчыне ад бацькі. Таго не расчулілі слёзы дзіцяці. Навек пакідаючы сям’ю, ён нават на развітанне не прыгарнуў хлопчыка. У творы ёсць тлумачэнне, чаму ў дружнай сям'і, у клапатлівай маці сын вырас «непамяркоўным, грубым, злым, амбіцый меў ажно зашмат» [6, с. 302]. Неакрэплая дзіцячая душа аказалася зламанай чэрствасцю і здрадай дарослага чалавека.
Паводле пераканання Ніла Гілевіча, сэнс жыцця жанчыны — у дзецях, яны яе шчасце ці гора, яе спраўджаныя ці няспраўджаныя надзеі, мары, спадзяванні. Вобраз маці, Сохвіі Пятроўны Вячоркі, раскрываецца праз нешматлікія трапныя, псіхалагічна-дакладныя дэталі. Ёй, адвеку сціплай і непрыкметнай, цяжка быць у цэнтры ўвагі на святочным застоллі. «А Божа мой, ці не ўсё роўна / Старой мне, бабе, дзе сядзець?..» [6, с. 376], — адмахваецца жанчына ад патрабаванняў гасцей сесці на покуць. Унутраная прыродная дабрыня, павага да чалавека, а побач з гэтым і да пасады, звання, выяўляецца ў сцэне, калі Антось стварае парадыйны слоўны партрэт вучонага Нестара Шалудзькі. Сыны смяюцца, маці на гэта глядзіць няўхвальна, ушчувае сваіх дарослых дзяцей. Сохвія Пятроўна жыве дзецьмі і дзеля дзяцей. Калі застолле жадае ёй на доўгія гады здароўя, яна, выцершы хусцінкай завільгатнелыя вочы, пераводзіць пажаданне ў сваё, мацярынскае рэчышча:
Дай Божа вам здароўя, дзеці,
Пры вас я буду здарава… [6, с. 378]
Аўтар прасочвае лёс дзяцей Сохвіі Пятроўны Сцяпана, Тамаша, Мікіты, Антося, Лёдзі, а таксама Крысціны і Лёні, якім выпаў кароткі жыццёвы шлях.
4.1 Вобраз галоўнага героя ў творы Сюжэт рамана «Родныя дзеці» (1985) разгортваецца вакол вяртання Сцяпана Вячоркі — «аблуднага сына» — у родную вёску, дзе ён не быў многа гадоў. Вяртанне галоўнага героя шматзначнае і сімвалічнае. Яно адбываецца ў дзвюх прасторах: рэальнай (сустрэча з блізкімі людзьмі, дарагімі сэрцу мясцінамі, акунанне ў родную моўную стыхію, вясковы побыт і звычаі) і ідэальнай (вяртанне ў думках у дзяцінства, юнацтва, у свет мар і расчараванняў, вяртанне да самога сябе).
Лёс Сцяпана Вячоркі — тыповы лёс беларускага інтэлігента гараджаніна першага пакалення, які жыве ў вялікім горадзе, а душой — у родным куце, што стаў для героя і крыніцай натхнення, і скарбонкай жыццёвай энергіі. Драматызм такога становішча чалавека бачыцца Н. Гілевічу ў тым, што горад дае вяскоўцу не толькі магчымасць рэалізацыі таленту, але з’яўляецца і сродкам для нівеліроўкі душы. Аўтар з сімпатыяй ставіцца да свайго галоўнага героя, аднак ужо на першых старонках рамана пісьменнік вымушаны канстатаваць:
Сцяпан Якубавіч Вячорка, Хоць быў караць сябе гатоў,
На ўлонне роднага падворка Не заяўляўся шмат гадоў [6, с. 285].
Нельга сказаць, што Сцяпан — закончаны эгаіст, які не адчувае патрэбы вяртання да родных вытокаў. Наадварот, галоўны герой — сумленны чалавек. Яму сорамна, што ён не можа вырвацца на радзіму, што старэнькая маці, знябыўшыся ў журбе, вымушана прыязджаць у госці сама.
Аднак Сцяпан не знаходзіць у сабе сілы, каб пераадолець стэрэатып паводзін, які дыктуе яму сацыяльнае становішча, пасада. Не без іроніі аўтар паказвае чытачу, як гінуць найлепшыя намеры яго героя:
Але, правёўшы маці, тут жа
Ён акунаўся з галавой Не ў вір маленства — праца — служба Штодзённа ў вір цягнула свой [6, с. 290].
Яшчэ адной прычынай, якая перашкаджала герою прыехаць дамоў, было нежаданне Сцяпана зноў перажываць боль, звязаны з каханнем да Альжбеты. Шчасце ўзаемнага пачуцця ператварылася ў драму. У свой час маладыя людзі не змаглі знайсці ў сабе сілы, каб супрацьстаяць абставінам. І хоць Сцяпан і Альжбета абодва паспрабавалі і не знайшлі шчасця ў шлюбе з іншымі, Вячорка пазбягае сустрэч са сваім першым каханнем.
Неабходнасць вымушае Сцяпана пайсці насуперак уласным жаданням. Маці Вячоркі Софіі Пятроўне спаўняецца семдзесят гадоў, і нішто не магло ўтрымаць «аблуднага сына» выканаць свой абавязак: ушанаваць тую, якая дала жыццё. Яшчэ ў дарозе пачынаецца ў Сцяпана вяртанне. Перспектыва сустрэчы з роднымі хвалюе і радуе галоўнага героя. Лёс не абдзяліў яго сваякамі, кожны з іх пасвойму дарагі Вячорку, з кожным з іх сустракаецца кампазітар у сваіх згадках.
Асабліва трывожыць Сцяпана сустрэча з Альжбетай, ён не можа не ўспомніць таго, што адбылося дваццаць два гады назад. Раздзелы рамана «Белы май», «Ганьба», «Разлад», «На ўзвеях часу» не толькі расказваюць аб тым, чым жыла душа кампазітара на працягу двух дзесяцігоддзяў, але і раскрываюць характар галоўнага героя.
Лёс узнагародзіў Сцяпана Вячорку талентам кампазітара, аднак і паставіў перад ім нялёгкую задачу: як жа распарадзіцца божым дарам. Своеасаблівым экзаменам на стойкасць перакананняў стала для Сцяпана жаніцьба з Фенечкай. За маскай захопленай музыкай летуценніцы хавалася хцівая прыстасаванка, мэтай жыцця якой стала жаданне скіраваць творчасць мужа ў абсяг сваіх спажывецкіх інтарэсаў. Яна не магла зразумець, чаму Сцяпан у той час, калі ўсе рвуцца ў сталіцу, трызніць вяртаннем на радзіму. Фенечка пакінула Сцяпана, калі зразумела, што ён не з тых людзей, якія здольныя крывіць уласнай душой. Вернасць Вячоркі ўласным перакананням нервавала не толькі жонку, але і вялікую частку калег, сквапных да матэрыяльных даброт. У размове з братам Тамашом Сцяпан так тлумачыць прычыну сваіх службовых непрыемнасцей:
Маўчаць не ўмею, прытварацца, Стаяць навыцяжку «ва фрунт»,
Легальнай формай казнакрадства Аздараўляць свой базіс-грунт… [6, с. 438]
Дамоў вяртаецца сталы мужчына. Гады, праведзеныя ўдалечыні ад малой радзімы, былі гадамі служэння ёй. Сустрэча з роднымі людзьмі і роднымі мясцінамі прыносіць не толькі радасць, але і боль. Вячорка адчувае сваю віну перад нябожчыкамі братам і сястрой. Віну ён адчувае і перад роднай зямлёй, на якой цяпер узнікаюць тарфяныя буры. Вяртанне да ўласных вытокаў, на некаторы час пазбаўляе Сцяпана Вячорку здольнасці адэкватна ацэньваць сітуацыю. Знаходзячыся ў палоне ўспамінаў, герой адчувае сябе юнаком, таму так і ўражвае яго знешні выгляд Альжбеты, а тое, што творыцца ў душы жанчыны, яго не кранае зусім:
Ён кідаў позірк на Альжбету -;
І сэрца кроіў боль скразны:
Амаль нічога — ані следу Ад той дзяўчынкі, з той вясны! [6, с. 373]
Спробай вярнуцца ў юнацтва можна растлумачыць за хапленне Сцяпана Мар’янай. Са шчырасцю семнаццацігадовага юнака акунаецца Вячорка ў вір пачуццяў, што выклікала ў яго душы абаяльная дзяўчына. Гэтыя пачуцці збоку аднаго і другога герояў такія гарачыя, што Сцяпан раптам пачынае верыць у магчымасць павярнуць жыццё назад. Ён прызнаецца Мар’яне:
А я не знаў, што вы такая.
Што вы наогул… недзе ёсць…
Што ў роднай вёсцы напаткае Мяне нанова… маладосць! [6, с. 413]
З раю апусціцца на грэшную зямлю Сцяпана прымусіла ўсведамленне таго, што Мар’яна — дачка Альжбеты. Размова з Альжбетай, з Тамашом, які са здаровым сялянскім розумам адразу адмятае нават намёк на тое, каб Сцяпан ажаніўся з маладзейшай за сябе, пазбаўляюць героя ілюзіі вяртання ў маладосць. Сімвалам бессэнсоўнасці такіх намаганняў з’яўляецца ў рамане вобраз зарослай лесам дарогі.
Духоўным вопытам свайго галоўнага і любімага героя гэтага твора Сцяпана Вячоркі аўтар сцвярджае, што, якім бы ні быў пакутлівым для чалавека працэс вяртання дамоў, ён неабходны. Вяртанне да роднага, блізкага, першапачатковага дало магчымасць галоўнаму герою агледзецца перад новым жыццёвым перавалам. У размове з Мар’янай Сцяпан прызнаўся, што страціў ключы, якія адкрываюць кампазітару калодзеж з натхненнем. У фінале рамана на шчырую споведзь спакутаванай душы Альжбеты душа Сцяпана адгукнулася музыкай:
Ну, так, ён чуў зусім выяўна:
Як шум спакойнага дажджу, Што ўсё бліжэй, — напеўна, плаўна Плыла мелодыя ў душу.
Гучала мякка, задуменна
І ўся — праменіла святло.
Ад калыханкі нешта мела,
І штось ад гімна ў ёй было [6, с. 451].
4.2 Другарадныя вобразы і іх роля ў творы Раман «Родныя дзеці» — гэта водгук пісьменніка на пэўныя выдаткі навукова-тэхнічнага прагрэсу, урбанізацыі, сацыяльнай і нацыянальнай палітыкі, якія зрабілі надзвычай актуальнай праблему маральнай устойлівасці людзей у дынамічным свеце.
Сваё ж пісьменніцкае ўсведамленне, якім не павінен быць чалавек, паэт рэалізаваў у вобразах Юзіка Бэнся і Мікіты Рэпы.
Характар Мікіты раскрываецца праз яго мову, такую ж скалечаную, як яго лёс:
На ўсё жыццё Мікіта Рэпа Застаўся з крыўдаю на лёс… [6, с. 302]
Апісаннем жыццёвай калізіі з дзяцінства Мікіты паэт зноў дае нам урок і папярэджвае пра тое, што здрада бацькоў, іх несумленныя ўчынкі моцна раняць дзяцей і калечаць іх лёсы. Крыўду на бацьку Мікіта перанёс на ўсіх людзей, стаўся крыўдлівым, нялюдскім, прыдзірлівым да ўсіх і ўсяго. I мова яго, засмечаная русізмамі і канцылярызмамі, — адзежа яго душы: беднай, прэтэнцыёзнай, пыхлівай. Ён размаўляе на ёй, каб паказаць сваю перавагу над правінцыяльнымі жыхарамі. Пра прыгажосць вясновай раніцы Мікіта расказвае:
Бывае, выйдзеш вутрам з хаты -;
Так благавухае сярэнь ;
Аж нос зрываюць араматы!
Здаецца б, нюхаў цэлы дзень! [6, с. 364]
«Антыподам Мікіты выступае ў рамане Вінька Шкут. Прафесарскі сын сваёй жыццёвай пазіцыяй бунтуе супраць двурушніцтва. Ён мог бы, карыстаючыся становішчам бацькоў, атрымаць дыплом, зрабіць кар’еру, аднак адмовіўся ад дапамогі і пайшоў па жыцці сам» [9, с. 574]- слушна сцвярджае Т. Грамадчанка.
«Да грамадскага катла з адмысловай лыжкай» прымасціліся не толькі прайдзісветы-вучоныя, але і бяздарныя мастакі, пісьменнікі, кампазітары, якія, не маючы таленту, устаўляюць палкі ў калёсы тым, хто валодае сапраўдным майстэрствам. Нахрапістасць, хітрасць Іосіфа Бэнся прынесла шмат пакут Сцяпану Вячорку. Калісьці яны жылі ў адным інтэрнацкім пакоі, разам хадзілі на танцы, абодвум падабалася Альжбета. Аднак, калі дзяўчына аддала перавагу Сцяпану, Юзік ператварыўся ў ворага.
Па віне Бэнся разышліся дарогі закаханых, аднак гэта не супакоіла Юзіка, бо Сцяпан аказаўся больш таленавітым за свайго былога саперніка. Тады Юзік, які не здолеў выйсці ў творцы, «стаў тэарэтыкам мастацтва, рашыў мазгі ўпраўляць другім». [6, с. 437]
У творы таксама праяўляюцца вобразы меліяратара Гламазды:
— У нас такую сілу мае Меліяратар Гламазда:
Яго нішто, брат, не стрымае, Яму нічога не шкада!
Яму, што збег ад аліментаў
За восем тысяч вёрст сюды
І што, паводле дакументаў,
Прайшоў і турмы і суды.
Такія вывернуць з карэннем Апошні кусцік на зямлі,
Каб атрымаць адно скарэй ім На апахмелку тры рублі… [6, с. 362]
і рвача Ненаежца:
Чаму ж, таварыш Ненаежац, Так не па-людску ты жывеш?
Што семярым спажыць належыць ;
Адзін бярэш, грабеш, ірвеш? [6, с. 356]
Бядой для грамадства становяцца такія кіраўнікі, як Мікіта Рэпа, Юзік Бэнсь, меліяратар Гламазда, людзі спажывецкай псіхалогіі, абагульненым вобразам якіх з’яўляецца Ненаежац.
Твор Ніла Гілевіча нагадвае чытачу пра неабходнасць адмаўлення ад прагматычнай свядомасці, тэхнакратычных поглядаў на прыроду. Мастак слова трывожыцца пра «аблудных сыноў» радзімы і скіроўвае іх памкненні да першаасноў чалавечага жыцця: любові, спагады, вернасці.
4.3 Вобраз аўтара ў рамане Раман «Родныя дзеці» нечакана для чытача пачынаецца запеўкай. Гэтая акалічнасць выбівае ўспрыманне са звыклага рэчышча, скіроўвае яго да паэтыкі народнай песні. Рамачны кампанент рамана, запеўка і дапеўка, — гэта своеасаблівыя вокны ў творчую майстэрню пісьменніка. У запеўцы аўтар, улічваючы дыялагічную прыроду творчасці, шчыра прызнаецца ў сваёй любові да чытача:
Дый ты, чытач, таму прычына:
Ты — вось, ты побач, ты са мной.
І разлучыць нас немагчыма:
Мы доляй звязаны адной. [6, с. 288]
У запеўцы акрэслена і творчая задача, якую ставіць перад сабой аўтар кнігі:
Каб пошук праўды ў ёй быў моцны, Каб прачытаў, сабе наўздзіў,
Усю зараз — і смачна цмокнуў:
«Прыдумаў, гад, а — дагадзіў!» [6, с. 288]
Жаданнем пісьменніка падзяліцца з чытачом сваім бачаннем праблем сучаснага яму жыцця абумоўлена стылявая адметнасць рамана «Родныя дзеці». Сюжэт рамана не завершаны. Развязкі падзей няма, і сам Н. Гілевіч, як і А. С. Пушкін у рамане «Яўгеній Анегін», акцэнтуе на гэтым увагу:
Усё, чытач. Я стаўлю кропку.
Ах, не завершаны сюжэт?
Ну, што ж рабіць! Далей — ні кроку.
Далей — табу і запавет [6, с. 453].
Тым самым падкрэсліваецца думка, што для аўтара было галоўным у рамане не столькі адлюстраванне любоўнай інтрыгі, колькі магчымасць праз сюжэт паказаць і раскрыць тыповыя асаблівасці сучаснага яму жыцця. Аўтарскай задуме падпарадкавана і кампазіцыйная сувязь паміж персанажамі рамана. Буйным планам намаляваны Сцяпан і Альжбета, а агульным, з акцэнтаваннем вызначальнага ў характары — астатнія героі (Антось Вячорка, дзядзька Лёкса, Тамаш, Мар’яна і інш.).
Імкненнем пісьменніка як мага шырэй паказаць сацыяльныя тыпы рэчаіснасці, а праз іх — разнастайнасць і шматмернасць самога жыцця можна растлумачыць увядзенне ў раман эпізадычных вобразаў (дырэктар школы Крутарог, Артур Рэпа, дзед Сівец і інш.). Яны не прымаюць удзелу ў дзеянні, аднак іх прысутнасць пашырае мастацкае палатно рамана. Мае рацыю А. Гарэлік, калі сцвярджае, што «эпізадычныя героі характарызуюцца з дапамогай асабліва выразнай мастацкай дэталі, якая ўражвае чытача, робіць вобраз жывым і незабыўным. Трэба адзначыць, што кожны новы персанаж ствараецца не для забавы чытача, ён дапамагае аўтару дамаляваць агульную карціну жыцця» [10, с. 20].
Дзеля стварэння паўнаты жыццёвай карціны паэт звяртаецца да асаблівага прыёму мастацкага адлюстравання: да стварэння групавога, калектыўнага вобраза (раздзел «Гамана ў застоллі»).
Увядзенне ў мастацкую тканіну рамана лірычных адступленняў (пазасюжэтных элементаў, якія даюць магчымасць аўтару звярнуцца да чытача непасрэдна) дазваляе гаварыць пра вобраз аўтара ў рамане Ніла Гілевіча «Родныя дзеці». Лірычныя адступленні (паэтычнае, іранічнае, гістарычнае, кулінарнае, педагагічнае) з’яўляюцца прамой формай выяўлення аўтарскай пазіцыі. Яны ўводзяць чытача ў абсяг разважанняў пісьменніка пра свой народ, яго гісторыю, духоўныя традыцыі, жыццёвы ўклад, далучаюць да маральных і эстэтычных ідэалаў мастака слова.
5. Гумар у рамане Нiла Гiлевiча «Родныя дзецi»
У многіх мясцінах твора моцны публіцыстычны пафас змяняецца калючым, з’едлівым смехам, іроніяй, гумарам. Гэта дапамагае выявіць прыхільныя адносіны аўтара да свайго героя.
Сапраўды, твор пісьменніка вельмі багаты на гумар, камічныя сітуацыі, адпаведнага гучання характарыстыкі герояў:
А жонка — чорт ляпіў, напэўна!
Супроць яго — як ноч і дзень!
Такая, братачка, царэўна ;
Хоць ты аброць на морду ўздзень!..
…А ў той жа час плюгаваморды
І віслазады бегемот ;
Глядзіш — вядзе пад ручку, горды, Такую жонку — божа мой!
Ну рыхтык — з казкі Васіліса!
Нашто ж ёй гэты вымяед?
Ды на яе гатоў маліцца Найлепшы, можа быць, паэт!
Не знаю, лёс тут неабачны?
Ці так само пайшло здаўна?
Найлепшы яблык — самы смачны
І самы спелы — есць свіння!.. [6, с. 392]
Чытаць гумарыстычныя раздзелы ў рамане — вялікая асалода, бо ты нібы апынаешся ў магутнай ачышчальнай плыні, якая змывае ўсё дробязнае, нікчэмнае, агіднае, падымае настрой. З дапамогай гумару паэт раскрывае багаты духоўны свет беларусаў, здольнасць якіх таленавіта і мудра смяяцца не змаглі вынішчыць самыя неспрыяльныя абставіны. Многія негатыўныя з’явы рэчасінасці, падзеі, факты, характары наскрозь прасвечаны здаровым, выратавальным смехам аўтара. Л. Ламека заўважае, што «чытаючы гумарыстычныя старонкі Ніла Гілевіча, заўважаеш, як неўпрыкмет твой сумны, панылы настрой змяняецца, і ты адчуваеш прыліў новых жыццёвых сіл і пачынаеш смяяцца. А калі чалавек смяецца, значыць, ён жыве» [2, с. 71].
З дапамогай гумару паэт раскрывае багаты духоўны свет беларусаў, асаблівасці іх светаўспрымання і светаразумення, характару, паводзін, учынкаў, іх стаўленне да працы, побыт, традыцыі. Асабліва пранікнуты гумарам раздзелы «Гамана ў застоллі» і «Кулінарнае адступленне». З якім захапленнем чытач «падслухоўвае» разам з аўтарам гамонку за святочным сталом, якая вядзецца па купках людзей. Адны гавораць пра астраханскага селядца, які даўно вымер у рэках, і шампіньёны; сяброўкі вядуць інтымную гутарку пра мужа і мужчыну для душы.
Са мной ён пурхацца не можа:
Я ж кожны дзень пры барышы…
— Дык вельмі добра! Дай вам божа!
А ёсць хто-небудзь… для душы?
— Ну, калі хочаш ты ўжо ведаць ;
І для душы таксама… ёсць.
А што? Варочаючы дзеда, Намарна страціць маладосць? [6, с. 389]
Выклікае смех і гаворку пра кошку, якую патрэбна памыць, каб не набралася якой-небудзь заразы, пагуляўшы па двары (Каб пакупалі ў тазе кошку, / Як прыйдзе вечарам з гульні. // А то яшчэ якой заразы / Дзе набярэцца ля вуглоў. [6, с. 393]), і пра сабаку, якому купляюць прысмакі ў магазіне:
Нядаўна ў нашым магазіне Я назіраў - быў сведкай сам, Як выбірала мяса псіне Адна фуфырная мадам.
Перабарляла ўвесь прылавак
І ўрэшце кажа: «Прадавец!
Знайдзіце выразкі кавалак ;
Наш цюцік гэткага не есць!"
«Ядры ж тваю раскачарэжку!» ;
Я ціха вылаяўся ўсмак.
Дык значыць я, на здзек-насмешку, Ем, што не годна для сабак? [6, с. 393]
А кулінарнае адступленне прысвечана беларускім стравам: праз смех можна чытаць радкі-ўхваленне беларускаму калдуну:
Калдун!. Духмяны, самавіты, У масле ўсмяглы, а паўзверх ;
Смятанкай свежаю паліты!..
Ну, што? Ізноў глядзіш, як звер?
І адчуваеш, адчуваеш:
Няхай хоць згэтуль у труну ;
А не зганьбуеш, не стрываеш ;
Дасі прытул і калдуну! [6, с. 400]
Гумар у рамане «Родныя дзеці» дапамагае стварыць яркія запамінальныя партрэты герояў, дадзеныя вычарпальныя характарыстыкі. Многія негатыўныя з’явы рэчаіснасці, падзеі, факты наскрозь прасвечаны і вывераны здаровым выратавальным сатырычным смехам. Сатыра дапаўняе, пашырае мажлівасці гумару ў творы. Бязлітасна высмейвае паэт нягоднікаў і прайдзісветаў рознай масці. Сярод іх асобнае месца займаюць ілжэвучоныя, няздары, якія з усіх навук найлепш засвоілі адну: як, «зусім на пуп не беручы», сёрбаць з грамадскага катла вялізнай лыжкай, «сядзець на пышных пірагах».
Ён у навуцы нуль банкруцька, Тыповы рыдар-вадалей, Ды хтосьці лічыць, што Шалудзька Пасунуў штось крыху далей.
І вось — слыве вучоным Несцер
І памагае з усіх сіл Сваім падлізнікам залезці
На навуковы небасхіл [6, с. 446].
— Ён жаба рыжая — на выгляд!
І ростам — жабы не вышэй,
І вочы жабіны — навыкат,
І рот, бы ў жабы, — да вушэй.
Без шыі, чэраўца ды лапкі,
Сядзіць і зекрыць на карчы ;
Пардон, на кафедры… [6, с. 447].
Заключэнне
«Родныя дзеці» — першы ў беларускай літаратуры раман у вершах. Форма твора наклала свой адбітак на змест. Мова верша і ў эпічным творы застаецца лаканічнай, вобразнай, эмацыянальна афарбаванай, інфармацыйна насычанай. У гэтым філасофскім па сутнасці, арыгінальным па форме і кампазіцыі творы паэт здолеў панарамна і разам з тым глыбока псіхалагічна аддюстраваць сучаснае жыццё беларускага народа, выявіць сутнасць душы беларуса.
Раман у вершах «Родныя дзеці» — глыбока прадуманых твораў, якому паэт аддаў дванаццаць гадоў натхнёнай і рупнай працы. Філасофія ў гэтым творы не існуе ў гатовых формулах, а разгортваецца ў эпічных сюжэтах і лірычных ці іранічных адступленнях, скіравана яна да клопату паўсядзённага жыцця.
Галоўная ж ідэя паэмы і адначасова пісьменніцкі наказ нам усім быць сваёй сям'і, Радзіме і зямлі-карміцельцы роднымі дзецьмі, а не пасынкамі.
Раман у вершах «Родныя дзеці» не можа быць не любімым, бо ў ім глыбока адчуваюцца складанасці нашага жыцця, вырашаюцца праблемы нашай бездухоўнасці, сэнсу жыцця чалавека. У ім востра і разгорнута ўзнімаюцца праблемы мастака і мастацтва, мовы, неабходнай еднасці кожнага з нас з роднымі каранямі, наогул грамадскага і духоўнага жыцця сучаснай Беларусі, сённяшняй вёскі, сям'і, чалавечых узаемаадносін. На працягу ўсяго эпічнага разгортвання дзеяння ў творы перад чытачом адкрываецца шырыня дачыненняў Сцяпана Вячоркі з роднымі і землякамі, прыродай, традыцыямі бацькоўскага краю. Аўтар паказвае душэўную шчодрасць героя, складанасць яго натуры. Усё зазначанае вышэй дазваляе зрабіць наступную выснову.
Раман Ніла Гілевіча «Родныя дзеці» — усхваляваны роздум пра гісторыю, культуру, экалогію роднай зямлі улюбёнага ў свой край сапраўднага творцы і сына.
У падагульненне адзначу, што гэты раман вучыць любіць сваю зямлю і берагчы яе, вучыць асуджаць разбэшчанасць, здрадніцтва, зайздрасць, кар’ерызм, несумленнасць, вучыць шаваць роднае слова, берагчы народныя традыцыі, шчырасць кахання, ведаць свае карані.
Раман у вершах «Родныя дзеці» да гэтага часу ўважліва не прачытаны і як след не ацэнены крытыкай. Я лічу, што ён заслугоўвае больш пільнай увагі.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1 Гісторыя беларускай літаратуры XXст. У 4 т. Т. 4. Кн. 1. 1966 — 1985 / НАН Беларусі, Аддз-не гуманітар. навук і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я. Купалы; Навук. рэд. У.В. Гніламёдаў, С.С. Лаўшук. — Мінск: Бел. навука, 2002. — 928с.
2 Ламека, Л. Боль і сумленне Бацькаўшчыны: Штрыхі да партрэта Ніла Гілевіча. /Л. Ламека. // Роднае слова. — 1996. — № 9. — C. 59−75.
3 Ламека, Л. Сучасная беларуская літаратура. Дапаможнік для навучэнцаў, абітурыентаў і настаўнікаў / Л. Ламека. — Мінск: Сучаснае слова, 1998. — 320 с.
4 Конан, Ул. Ніл Гілевіч — пісьменнік універсальнага таленту / Ул. Конан // Роднае слова. — 2006. — № 9. — С. 84- 89.
5 Гілевіч, Ніл. Збор твораў: У 6 т. Т. 1.: Вершы і паэмы, 1946 — 1976 / Ніл Гілевіч; Прадм. У. Конана. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1996. — 350с., л. іл., 1 л. партр.
6 Гілевіч, Ніл. Наканаванае: Вершы, паэмы, раман у вершах: Для старш. шк. узросту / Ніл Гілевіч; [прадмова Л. Ламека.] - Мінск: Полымя, 1998. — 462 с.: іл.
7 Алейчык, Т. Я. Экзамен па беларускай літаратуры: Дапаможнік для навучэнцаў і абітурыентаў / Т. Я. Алейчык. — Мінск: «Сучаснае слова», 1998. — 240с.
8 Рагойша, В. П. Паэтычны слоўнік / В. П. Рагойша. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Мінск: Бел. навука, 2004. — 576с.
9 Грамадчанка, Т. К. Беларуская літаратура: школьныя творы: кароткі змест і аналіз / Т. К. Грамадчанка. — 7-е выд. — Мінск: Аверсэв, 2006. — 574 с.
10 Гарэлік, А. Несмяротнае матчына слова: Творчасць Ніла Гілевіча ў школьнай праграме / А. Гарэлік // Роднае слова. — 1993. — № 3. — C. 18- 26.